урок
Выкарыстанне інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій
у дзейнасці настаўніка пачатковых класаў
Багушэвіч Аксана Іванаўна,
Лакевіч Таццяна Станіславаўна,
настаўнікі пачатковых класаў
дзяржаўнай установы адукацыі
“Навучальна-педагагічны комплекс
Варнянскі яслі-сад-сярэдняя школа”,
E-mail: vornjany_sc@mail.grodno.by
тэл. (801591)31468
Атрымлівай задавальненне ад надзённага, але імкніся да лепшага.
Сакрат
Перад кожным педагогам часта паўстае праблема выбару: выбару метадаў і сродкаў навучання, форм арганізацыі працэсу авалодання ведамі, адбору матэрыялу да ўрока і інш. Асабліва, калі гэта датычыцца адукацыйнага працэсу на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
- Як звычайны ўрок зрабіць незвычайным?
- Як нецікавы матэрыял прадставіць цікава?
- Як з сучаснымі дзецьмі размаўляць на сучаснай мове?
Настаўнік заўсёды павінен быць у трэндзе. Лічыце, што гэта немагчыма? У такім выпадку звярніцеся да выкарыстання інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій у навучанні. Гэта новая крыніца, якая дае магчымасць атрымаць якасную адукацыю, дапамагае перагледзець традыцыйныя ўстаноўкі навучання, пераўтварае педагагічную дзейнасць.
Выкарыстанне ІКТ у адукацыйным працэсе дае педагогам дадатковыя дыдактычныя магчымасці:
- своечасовую зваротную сувязь паміж карыстальнікам і сродкамі ІКТ;
- камп’ютарную візуалізацыю вучэбнай інфармацыі;
- інтэрактыўны дыялог;
- камп’ютарнае мадэліраванне;
- аўтаматызацыю працэсаў вылічальнай, інфармацыйна-пошукавай дзейнасці, апрацоўку рэзультатаў вучэбнага эксперыменту;
- аўтаматызацыю працэсаў кантролю за вынікамі засваення вучэбнага матэрыялу;
- аўтаматызацыю працэсаў інфармацыйнай дзейнасці і інфармацыйнага ўзаемадзеяння [1, с.39].
Пачатковая школа – фундамент, ад якасці якога залежыць далейшае навучанне дзіцяці. Вялікі педагог К.Д. Ушынскі пісаў: “Калі вы ўваходзіце ў клас, ад якога цяжка дабіцца слова, пачніце паказваць малюнкі, і клас загаворыць, а галоўнае, загаворыць свабодна…” [2, с.248]. Камп’ютар з’яўляецца прывабным стымулам для арганізацыі навучання. Экран прыцягвае ўвагу, чаго настаўнік часам не можа дасягнуць пры рабоце з класам. Выкарыстанне ІКТ дазваляе зняць высокую эмацыянальную напружанасць і ажывіць адукацыйны працэс, што асабліва важна з улікам псіхалагічных асаблівасцей дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Адметнасцю вучэбнага працэсу з прымяненнем ІКТ з’яўляецца тое, што цэнтрам дзейнасці становіцца вучань, які самастойна будуе працэс пазнання. Настаўнік выступае ў ролі кансультанта, які заахвочвае арыгінальныя знаходкі, стымулюе актыўнасць, ініцыятыву, самастойнасць.
Такім чынам, выкарыстанне ІКТ дазваляе павысіць матывацыю навучання, якасць і эфектыўнасць вучэбных заняткаў, узняць выкладанне школьных прадметаў на новы, цікавы і нетрадыцыйны ўзровень, актывізаваць працэсы засваення, запамінання, разумення вучэбнага матэрыялу.
Аднак вядома, што любая новая з’ява мае свае перавагі і недахопы і стварае пэўныя праблемы:
- як своечасова падрыхтаваць навучэнцаў да дзейнасці ў інфармацыйным асяроддзі;
- як навучыць самастойна арыентавацца ў патоку інфармацыі;
- як эфектыўна карыстацца новымі ведамі;
- як абараніцца ад негатыўнага ўздзеяння інфармацыйнай прасторы.
Практычна на любым уроку можна прымяніць інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі. Важна адно – знайсці тую мяжу, якая дазволіць зрабіць урок па-сапраўднаму пазнавальным і сучасным.
Даволі багаты вопыт выкарыстання ІКТ у дзейнасці настаўнікаў пачатковых класаў назапашаны ва ўстанове адукацыі:
- вядзенне рабочай дакументацыі ў электронным фармаце;
- маніторынг кантролю якасці ведаў з дапамогай ПК “Параграф”;
- майстар-класы;
- правядзенне ўрокаў і факультатываў з выкарыстанне ІКТ (відэафільмы, прэзентацыі, работа з інтэрактыўнай дошкай, мабільны камп’ютарны клас);
- удзел навучэнцаў у анлайн-алімпіядах па прадметах;
- стварэнне дыдактычных сродкаў навучання;
- самаадукацыя і самаразвіццё па дадзенай тэме.
Безумоўна, маюць месца ў практыцы гатовыя электронныя рэсурсы:
- рэсурсы Інтэрнэт;
- электронныя энцыклапедыі і інш.
Настаўнікамі пачатковых класаў створаны электронны дапаможнік “Рознаўзроўневыя тэсты па беларускай мове. 3, 4 клас”, які быў прадстаўлены на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Дадзены электронны дапаможнік з’яўляецца змястоўным адукацыйна-інфармацыйным рэсурсам. Гэта адзін са спосабаў выкарыстання інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій. Мэта дапаможніка: аператыўны кантроль ведаў навучэнцаў, дыягностыка засваення вучэбнага матэрыялу па беларускай мове за курс 3 – 4 класаў. Задачы: забяспечыць аб’ектыўнасць канролю ведаў вучняў, індывідуальны падыход у навучанні; адпрацоўваць тэхналогію выканання тэстаў у пачатковай школе; садзейнічаць трэніроўцы ўвагі і памяці, развіваць лагічнае мысленне. У аснове тэставых заданняў два тыпы вучэбных дзеянняў: выбар з дадзенага пераліку параметраў таго, што адпавядае прапанаванай моўнай з’яве і пошук той ці іншай моўнай з’явы па зададзеным параметры.
Сертыфікаты ІV міжнароднага інтэрнэт-конкурсу “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі ў творчасці настаўніка пачатковых класаў” атрыманы ў намінацыях “Урок у пачатковай школе”, “Распрацоўкі дыдактычных гульняў”. Конкурсным матэрыялам для апошняй намінацыі былі электронныя трэнажоры да факультатыва “Я, энергія і навакольнае асяроддзе” (2, 3 класы), мэта якіх выхаванне ў навучэнцаў элементарнай культуры энергакарыстання. Электронныя трэнажоры ўяўляюць сабой мультымедыйную прэзентацыю, створаную ў MS Office PowerPoint 2010. Электронныя трэнажоры для кожнага класа складаюцца з некалькіх раздзелаў, матэрыял якіх можна выкарыстоўваць на этапе вывучэння ці замацавання, паўтарэння ў ходзе індывідуальнай ці групавой работы. Зыходзячы з узроставых асаблівасцей малодшых школьнікаў, праграмных патрабаванняў раздзелы напоўнены адпаведным зместам, заданні прапануецца выканаць разам з персанажамі дапаможнікаў. Структура трэнажораў дазваляе пачынаць работу з любога раздзела. Рэалізавана таксама магчымасць паўторнага адказу ў выпадку памылкі. У якасці вучэбных заданняў выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя графічныя міні-тэсты, у якіх для вызначэння правільнага ці памылковага выбару адказу выкарыстаны трыгеры (эфекты анімацыі). У якасці варыянтаў адказаў выступаюць словы, лічбы або выявы.
“Творчасць без межаў” – дэвіз метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў установы адукацыі. Таму ў бліжэйшых планах стварэнне персанальнага сайта настаўніка пачатковай школы, удзел у міжнародных творчых інтэрнэт-праектах. У практыку работы ўстаноў адукацыі паступова ўваходзяць электронныя журналы і дзённікі, выцясняючы свае папяровыя аналагі. Стаць удзельнікамі праекта “Электронная школа” – бліжэйшая перспектыва.
Урокі з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій не толькі пашыраюць і замацоўваюць атрыманыя веды, але і ў значнай ступені павышаюць творчы і інтэлектуальны патэнцыял навучэнцаў. Выкарыстанне ІКТ можа пераўтварыць выкладанне традыцыйных вучэбных прадметаў, рацыяналізаваць дзіцячую працу, аптымізаваць працэсы разумення і запамінання вучэбнага матэрыялу, а галоўнае, падняць на нязменна больш высокі ўровень цікавасць дзяцей да вучобы.
Камп’ютар для настаўніка – гэта крыніца не толькі і не столькі інфармацыі, гэта сродак павышэння прафесійнай кампетэнцыі, гэта выток, што дае энергію для рэалізацыі творчых планаў, арыенцір у інфармацыйнай прасторы, які дазваляе выхаваць паспяховага вучня, паспяховага чалавека.
ЛІТАРАТУРА
1. Савянкоў, А. І. Канцэпцыя даследчага навучання / А. І. Савянкоў // Школьныя тэхналогіі. – 2008. – № 4. – С. 39.
2. Цыркун, І. І. Інавацыйная адукацыя педагога: на шляху да прафесійнай творчасці : дапаможнік / І. І. Цыркун, А. І. Карповіч. – Мінск : БДПУ, 2006. – С. 247 – 250.